Амаль усім класам – у вядучы рэгіянальны ўніверсітэт

16.08.2024

Амаль усім класам – у вядучы рэгіянальны ўніверсітэт. У гэтым годзе з 19 выпускнікоў 11 «А» класа сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза В.П.Жукава Мастоў 17 паступілі ва ўніверсітэты. І 15 з іх аддалі перавагу ГрДУ імя Янкі Купалы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Кіраўнік установы адукацыі Аляксандр Старавойтаў упэўнены, што такога кшталту арыентаванасць на свой рэгіён – вынік пастаяннага ўзаемадзеяння з класным кіраўніком Наталляй Ганцэвіч, педагогам, шчыра ўлюбёным у прафесію і сваю малую радзіму.

– З установай адукацыі мяне звязваюць не толькі больш за трыццаць пяць гадоў стажу. Я і сама выпускніца школы, у якой працую. Пачынала з піянер-важатай, а сёння расказваю вучням пра важныя вехі гісторыі і на ўроках, і падчас экскурсій у наш музей. Імкнуся захапіць кожнага сваім цікавым прадметам, – гаворыць педагог.

Важна дадаць, што Наталля Уладзіміраўна з’яўлялася і класным кіраўніком вучнёўскага калектыву вялікіх талентаў, і заснавальнікам і кіраўніком гісторыка-краязнаўчага музея школы, а з 2021 года яшчэ і першым у раёне настаўнікам-метадыстам. Некалькі гадоў назад пры яе непасрэдным удзеле адразу пяць распрацовак урокаў педагогаў-гісторыкаў раёна былі апублікаваны на адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе без адзінай заўвагі і прапановы. А ў 2020 годзе неабыякавы да сваёй справы педагог падчас абласнога конкурсу кабінетаў гісторыі ўразіла ўдзельнікаў конкурснай камісіі выкананнем музычнай кампазіцыі. Кабінет гісторыі мастоўскай школы № 2 стаў тады лепшым у рэгіёне.

– Я проста люблю тое, што раблю, і раблю гэта выключна з душой. Класнае кіраўніцтва – асаблівы від мастацтва. Не адзін год разам з дзецьмі ладзілі абрадавыя мерапрыемствы «Каляды»«Гуканне вясны»«Купалле». Мы любілі запрашаць на школьныя святы бацькоў, бабуль і дзядуляў, сясцёр і братоў… Уявіце, адначасова ў нас у гасцях магло быць больш за 50 чалавек. Важнай традыцыяй у канцы навучальнага года і ў пачатку новага было наведванне праваслаўных святынь Прынёманскага краю і не толькі, – расказвае суразмоўніца.

Сёння імя педагога вядома многім калегам краіны. Наталля Уладзіміраўна – член рэспубліканскай і абласной творчых груп настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства. Яе неаднаразова запрашалі чытаць лекцыі і праводзіць практычныя заняткі ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі для настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства.

Ужо некалькі гадоў Наталля Уладзіміраўна сумяшчае працоўны стаж з пенсіённым. Сёлета з асаблівым хваляваннем яна чакала выпускнога вечара адразу па некалькіх прычынах. Па-першае, на раённым мерапрыемстве ёй даверылі даць словы наказу ўсім выпускнікам раёна. А па-другое, педагог упэўнена, што гэта апошнія на прафесійным шляху асабіста яе выпускнікі.

– З папраўкай на шэраг прычын вырашыла ў новым навучальным годзе зменшыць нагрузку. І ўсё ж без школы і школьнікаў пакуль свайго жыцця ўявіць не магу, – з усмешкай адзначае Наталля Уладзіміраўна.

Аб учарашніх школьніках, зараз ужо студэнтах, педагог расказвае з рэдкімі паўзамі ў голасе. І што вельмі важна, абавязкова з удакладненнем «наш/наша».

Калі гаварыць мовай лічбаў, многія моманты ўражваюць: з 19 юнакоў і дзяўчат – пяць медалістаў, атрыманы тры стабальныя вынікі на цэнтралізаваным экзамене і 99 балаў на ЦТ па гісторыі Беларусі. Адна з выпускніц увогуле стала лідарам па колькасці набраных балаў сярод усіх абітурыентаў ГрДУ імя Янкі Купалы. Ганна Марціноўская атрымала 398 балаў і ўжо ў дзень падачы дакументаў ва ўніверсітэт была ўпэўнена, што паспяхова залічана на бюджэт.

У скарбонцы дасягненняў зорнага выпуску Наталлі Ганцэвіч нямала перамог у разнастайных конкурсах. Дзецям пакарыліся вяршыні рэспубліканскіх конкурсаў «Святло праваслаўя», «Святло маё, Радзіма мая!» і такіх абласных мерапрыемстваў, як навукова-практычная канферэнцыя «Навука перамагаць» і конкурс юных экскурсаводаў. Ёсць у скарбонцы 11«А» і камандныя дыпломы пераможцаў абласнога конкурсу «Афганістан у лёсах нашых землякоў» і раённага «Лепшы музей установы адукацыі».

Адказ на пытанне, як удалося сабраць у адным класе столькі талентаў і дапамагчы ім раскрыцца, класны кіраўнік пачынае з успамінаў:

– Пазнаёмілася з гэтымі дзецьмі, яшчэ калі яны былі трэцякласнікамі. Вяла тады ў іх англійскую мову і адразу зразумела, што мне дасталіся неардынарныя вучні. У першы год вывучэння замежнай мовы мы змаглі з імі паставіць спектакль на англійскай мове! Яны заўсёды ўражвалі педагогаў сваёй актыўнасцю, жаданнем не проста вучыцца ці займацца творчасцю, а рабіць гэта лепш за ўсіх. Увесь педагагічны калектыў, пачынаючы з першага настаўніка гэтага класа Святланы Уладзіміраўны Дзейкала, стварыў умовы для рэалізацыі іх талентаў і імкненняў. Што вельмі важна, усе гэтыя юнакі і дзяўчаты – мэтанакіраваныя, крэатыўныя, дружныя, дастойныя грамадзяне нашай краіны.

У новым навучальным годзе ўчарашнія школьнікі, якія сталі студэнтамі, будуць асвойваць замежныя мовы, праграмаванне, інжынерную і мытную справу, стануць спецыялістамі ў галіне фізічнай культуры і мастацкай адукацыі. А ў Мастах тым часам разлічваюць на іх вяртанне праз гады вучобы на малую радзіму ўжо ў статусе маладых спецыялістаў і глыбока ўпэўнены: тут яны змогуць прымяніць атрыманыя веды на практыцы і прымножыць дасягненні не толькі свайго раёна.

поделиться в:
Ещё в этом разделе